Беларуская Служба

Кніга вядомай польскай пісьменніцы перакладзена на 30 моў свету. Цяпер і на беларускую

05.11.2024 14:36
«Што робяць пачуцці? » — гэта дасціпная і душэўная кніга пра тое, што адбываецца ў свеце пачуццяў (і не толькі).
Аўдыё
  • Кніга вядомай польскай пісьменніцы, перакладзена на 30 моў свету. Цяпер і на беларускую
.
..

 Радасць, гонар, захапленне, гнеў, трывога, страх. Нам усім знаёмыя гэтыя і многія іншыя пачуцці. Але ці ведаем мы, што яны робяць у вольны час? Цяпер мы нарэшце можам гэта ўбачыць. Усё дзякуючы кнізе польскай пісьменніцы Ціны Азевіч з ілюстрацыямі Аляксандры Заёнц, выдадзенай выдавецтвам «dwie siostry» на польскай мове, і перакладу на беларускую мову, выдадзеным выдавецтвам «Янушкевіч».

Гэтая незвычайная кніга з’яўляецца запрашэннем для дзяцей і бацькоў пагаварыць і паразважаць пра тое, што ўтоена ў кожным з нас.

Прэзентацыя выдання адбылася ў Прасторы польскай культуры ў межах праекту «Санаторый пад Клепсідрай».

Ціна Азевіч расказала, што ідэя напісаць такую кнігу з’явілася ў выніку роздуму пра тое, куды падзеліся пачуцці:

— Гэта пытанне, якое ўсе сабе часамі задаюць: куды знікла пачуцце. Яно можа тычыцца розных пачуццяў, як кахання, так і злосці, іншых таксама. Калі гэтыя пачуцці ёсць, то яны настолькі інтэнсіўныя, што запаўняюць увесь дзень. У мяне казачны стыль мыслення, таму я пішу казкі для дзяцей. Я адразу ўявіла сабе фантазію, якая ідзе з заплечнікам уздоўж берага Ціхага акіяну з ветрам у валасах, а я сяджу, працую і не маю прасторы для фантазіі. Я пачала уяўляць іншыя пачуцці. Паявілася смеласць у сярэдзіне лесу. Я пачала запісваць на картачках вобразы, якія паяўляліся. Пачаткова гэта былі адзінкавыя сказы, я не думала пра кнігу. І толькі калі я сабрала іх у адным месцы, то выслала іх у выдавецтва.

Кнігу «Што робяць пачуцці? » на беларускую мову пераклала Марыя Пушкіна. Яна кажа, што з’яўляецца вялікай аматаркай аўтаркі Ціны Азевіч і выдавецтва «dwie siostry», таму гэта ў пэўным сэнсе здзяйсненне мары. Гэта былі мае перакладчыцкія канікулы, кажа Марыя Пушкіна:

— Калі я атрымала прапанову ад выдаўца, я тыдзень бегала і ўсім гаварыла: вы пабачыце, гэта будзе крута. Кніга трапіла ў маё бачанне свету. Прычым не тое, як я бачу дзяцінства, а як я дарасла, каб яго бачыць. Мне гэта на столькі падабаецца, што я, напэўна, галоўная пакупніца гэтай кнігі. Я вельмі люблю яе дарыць знаёмым. Выдавецтва «dwie siostry» мае да кнігі цэлы сусвет спадарожных тавараў. У мяне ёсць торба, нататнік, паштоўкі. Я магу сказаць, як перакладчыца і чытач, што я ў кнізе знаходжу вялікую медытацыю, гэта таксама крыніца натхнення для педагогікі. Калі я перакладала кнігу, гэта былі мае перакладчыцкія канікулы. Мне было вельмі класна, за што я дзякую.

Паводле выдаўца Андрэя Янушкевіча, кніга Ціны Азевіч знаходзіцца ў лідарах продажаў не толькі польскага выдавецтва, але і «Янушкевіча»:

— На кожнай выставе ў Польшчы, калі падыходзіш на стэнду выдавецтва «dwie siostry», то кніга Ціна Азевіч самая заўважная. Ілюстрацыі Аляксандры Заёнц — неверагодныя. Гледзячы па рэакцыі пакупнікоў разумееш, што гэта бестсэллер. Мяне не трэба было доўга пераконваць.

Ціна Азевіч — пісьменніца і перакладчыца, доктар гуманітарных навук, выпускніца філасофіі і англійскай філалогіі Уроцлаўскага ўніверсітэта. Аўтар адзінаццаці кніг для дзяцей. Яе літаратурная творчасць ахоплівае розныя жанры: казкі, апавяданні, навеяныя жывапісам, калыханкі, даведнік па брытанскай культуры або атмасферныя, паэтычныя кнігі з малюнкамі. Найбольшы розгалас і прызнанне ёй прынесла яе кніга «Што робяць пачуцці? » з ілюстрацыямі Аляксандры Заёнц, узнагароджанай у шматлікіх конкурсах, і перакладзенай на 30 моў.

ав

слухайце аўдыё